Бел  Рус  Eng
                        

                        

Skype
historia-tour
E-mail
t.a.bardina@gmail.com

029 677 00 46
017 200 04 68



Экскурсія “Шлях на Грунвальд”

Маршрут: Менск – Лідзбарк Вармінскі – Ольштын – Мальбарк - Грунвальд – Менск

Даты: 13 ліпеня 2010 – 18 ліпеня 2010


У 2010 г. споўнілася 600 гадоў з даты славутай бітвы пад Грунвальдам, калі супольнае войска Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам князя Вітаўта, і войска Каралеўства Польскага пад кіраўніцтвам караля Ягайлы перамагло войска Тэўтонскага Ордэна пад кіраўніцтвам Ульрыха фон Юнгінгена! Дзякуючы гэтай перамозе была спынена агрэсія крыжакаў на землі Вялікай Літвы!


Лідзбарк Вармінскі. У 1348 - 1401 гг.  быў пабудаваны адзін з найстарэйшых і найпрыгажэйшых помнікаў гатычнай архітэктуры - Лідзбаркскі  замак. Гэты замак быў рэзідэнцыяй вармінскіх  біскупаў,  і адначасова абараняў ад ворагаў усходнія межы Вармінскай епархіі. Знакаміты навуковец, Мікалай Капернік, сваю палітычную і навуковую дзейнасць непарыўна злучыў з Варміяй і яе сталіцай Лідзбаркам. Да канца XVI ст. лідзбаркскі замак паступова губляў свой абарончы характар і ператвараўся ў раскошную княжую рэзідэнцыю, багата абсталяваную вытанчанай мэбляй і творамі мастацтва. У велізарных бібліятэках захоўваліся каштоўныя старадрукі. У XVII-XVIII стст. побач з замкам быў збудаваны панадворак і барокавы палац.


ЛІДЗБАРК. ФОТА


Ольштын. Ольштынскі замак з'яўляецца самым старым і самым каштоўным архітэктурным помнікам Ольштына. Замак належыў варминскаму капітулу, які да 1454 г.  падпарадкоўваўся  рыцарам Тэўтонскага ордэна. У 1410 г. пасля бітвы пад Грунвальдам замак здаўся войскам ВКЛ без адзінага стрэлу. Свой след у гісторыі Ольштынскага замка таксама пакінуў знакаміты навуковец Мікалай Капернік. У замку ён стварыў "Трактат аб манеце" і "Аб зваротах нябесных сфер". У межах замкавых сцен ідэальна захавалася капліца Святой Ганны XVI ст. Музей Варміі і Мазур у Ольштынскім замку праславіўся сваімі нестрандартнымі спосабамі знаёмства з замкам і яго гісторыяй.


ОЛЬШТЫН. ФОТА


Мальбарк. Мальбарк (Мар’енбург – горад Марыі)  каля 150 гадоў быў сталіцай Тэўтонскага ордэна,  а замак - рэзідэнцыяй Вялікага магістра  і месцазнаходжаннем  вышэйшых службоўцаў. Гэта самая  магутная сярэднявечная  каменная крэпасць у Еўропе. Мальбаркскі замак пачалі ўзводзіць у 70-ых гадах XIII ст.  Ён быў  тыповым прыкладам  абарончага будаўніцтва. Мальбарк быў галоўным палітычным, гаспадарчым, вайсковым і рэлігійным цэнтрам. У замку Мальбарка праводзіліся эфектныя балі і турніры, якія прыцягвалі ў Прусію рыцараў з шматлікіх краінаў Еўропы. У XVI-XVIII стст. замак у Мальбарку зрабіўся рэзідэнцыяй Польскіх каралёў. Сваё новае гатычнае аблічча крэпасць набыла толькі ў канцы XIX пачатку XX стст.


МАЛЬБАРК. ФОТА


Грунвальд. Самая чаканая падзея гэтага лета - фэст у Польшчы, прысвечаны 600-годдзю легендарнай Грунвальдскай бітвы, - завяршылася. Пяць дзён пад Грунвальдам шумела людское мора, навакольныя палі пакрывалі рознакаляровыя шатры, а сонца тысячамі блікаў адлюстроўвалася на лёзах клінкоў і рыцарскай брані.

Сёння Грунвальд - гэта вёска з насельніцтвам у некалькі сотняў жыхароў. І яны ўжо звыклі, што на побач на полі, дзе на грудзе ўсталяваная памятная стэла, кожны год разгортваецца маштабная гістарычная рэканструкцыя: тысячы і тысячы чалавек з'язджаюцца, каб уваскрэсіць падзеі, што адбыліся тут стагоддзі таму.

Хоць, як я ўжо адзначыў, памятныя мерапрыемствы праводзяць на Грунвальдскім полі кожнае лета, у юбілейны год можна было чакаць ад фэсту адмысловага размаху. І арганізатары не падвялі. Праграма фэсту ўлучыла ў сябе масу цікавага. Разнастайныя рыцарскія турніры, конныя і пешыя, тэатралізаваныя сцэнкі з сярэднявечнага жыцця, выступы фальклорных і сучасных музыкаў, вогненае шоў і пышны святочны феерверк… Апагеем імпрэз стала рэканструкцыя падзей 15 ліпеня 1410 гады, у якой сотні ўдзельнікаў, ператварыўшыся ў рыцараў польска-літоўскіх харугваў і Тэўтонскага ордэна, перакрыжавалі свае мячы і пікі.

Ну і вядома, варта згадаць пра гістарычны кірмаш, дзе госці свята правялі, мусіць, больш за ўсё часу. Купіць тут можна было практычна ўсё - ад малюсенькіх упрыгожванняў да поўнага экіпіявання сярэднявечнага ваяра… Але кірмаш - гэта не проста месца набыцця-продажу, гэта своеасаблівая сцэна, дзе разгортваецца адмысловае дзея. Назіраць за ёй заўсёды цікава: вось з пад малатка каваля з шыпеннем ляціць у ваду распаленая фібула, вось некалькі турыстаў старанна выводзяць гатычнымі літарамі свае імёны з дапамогай гусіных пёраў, вось нешта вар'яцка смачнае булькае над вогнішчам у сярэднявечным кацялку…

Ну і вядома, нямала незвычайных і пацешных момантаў нараджае гэты непаўторны сплаў гісторыі і сучаснасці. Каталіцкі манах з выгаленай верхавінай, пацягвае піва з пластыковага кубка, сярэднявечны гараджанін, нешта актыўна абмяркоўвае па сотавым, атрад рыцараў у даспехах, праходзіць скрозь калону матацыклаў…

Убачыць тут беларусаў можна было не толькі ў якасці гледачоў, але і як удзельнікаў. Каля 200 нашых аматараў Сярэднявечча адправіліся на фэст у складзе рыцарскіх клубаў. У намётавым лагеры ў іх быў свой "квартал", уваход у які незвычайна ўпрыгожвала падвешанае на шыбеніцы пудзіла крыжака. Кажуць, гэта вельмі абурала саміх "крыжакоў", якія размясціліся непадалёк. Але мы не паддаліся, і пудзіла паспяхова давісела да канца свята. Чым не знак нашай перамогі ў адной з знакамітых бітваў мінуўшчыны?..

Падрыхтаваў Андрэй Ганчаронак


ГРУНВАЛЬД. ФОТА



Наша рассылка

экскурсіі па Вялікім Княстве Літоўскім

ФОТОХУДОЖНИК
Олег Белоусов


РЕТРО-ОБЩЕСТВО
"Наша Победа"